(2)

Першы з іх, у якім сказана, ні прад’яўленыя ёй дакументы, ні тлумачэнні спецыялістаў і кіраўнікоў райвыканкама, аддзела адукацыі, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва", можа быць абвергнуты зместам саміх публікацый. Усе прыведзеныя ў выглядзе простай мовы словы службовых асоб зафіксаваныя на дыктафонным запісе журналіста.
Іншая справа, што некаторыя тлумачэнні спецыялістаў былі няпоўнымі, супярэчлівымі і неканкрэтнымі, а часам — некарэктнымі. Як, напрыклад, абвінавачванне італьянскага боку ў зняцці груп інваліднасці ва ўдзельнікаў праекта або намёкі на нядобрасумленнасць персаналу "Дома Пінокіа".
Натуральна, што журналіст, каб атрымаць найбольш поўную і аб’ектыўную карціну, карыстаўся і іншымі крыніцамі інфармацыі. У першую чаргу праз перакладчыцу Таццяну Кутас і з дапамогай інтэрнэту было ўзятае інтэрв’ю ў кіраўніка праекта з італьянскага боку Гаі Карлеці.
Журналіст таксама сустракаўся з маладымі людзьмі — удзельнікамі праекта і іх непасрэднымі кіраўнікамі на працы. Выкарыстоўвалася інфармацыя, атрыманая праз газету Докшыцкага раёна "Родныя вытокі", сайт асацыяцыі "Кавала б’янка", дакументальны фільм "Фасфарылаза". Журналіст таксама распытаў былога куратара праекта з беларускага боку Людмілу Валенцік, праглядзеў відэазапіс прэзентацыі праекта ў Рыме, некалькі відэафільмаў са спектаклямі, у якіх бралі ўдзел вучні Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната, пазнаёмілася са статутам школы-інтэрната, пратаколам пагаднення і іншымі дакументамі, якія датычацца "Дома Пінокіа".

Далей у лісце Докшыцкага райвыканкама прыводзяцца прыклады таго, што раён надае вялікую ўвагу адаптацыі маладых людзей з ліку сірот у грамадстве. З гэтым ніхто не спрачаецца, але, на жаль, ніводны з прыведзеных прыкладаў не датычыцца ўдзельнікаў праекта "Пінокіа", пра які ішла размова ў артыкулах "Беларусь — Італія — дзеці". Сярод узгаданых у лісце выканкама выпускнікоў сіроцкіх інтэрнатных устаноў толькі адна дзяўчына скончыла Бягомльскую дапаможную школу-інтэрнат, але і яна ў праекце не ўдзельнічала.

Размова ў журналісцкім матэрыяле "Беларусь — Італія — Дзеці" не проста пра выпускнікоў інтэрнатных устаноў, а пра такіх выпускнікоў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. І праблема не ў тым, што ім не аказваецца садзейнічанне ў працаўладкаванні і атрыманні жылля (гэта прамы абавязак выканаўчай улады не толькі Докшыцкага раёна, але і ўсіх рэгіёнаў Беларусі), а ў тым, што толькі такога садзейнічання часта бывае недастаткова. Маладыя людзі, якія выраслі ў цяплічных умовах інтэрната і не ведаюць рэальнага жыцця, часта не могуць скарыстацца дадзенымі ім гарантыямі.

Усім маладым цяжка. Родныя і блізкія ім дапамагаюць. Калі родных і блізкіх няма, дапамагаюць чужыя людзі. Калі такіх не знаходзіцца, выпускнікі сіроцкіх інтэрнатаў часта аказваюцца ў экстрэмальных умовах.

Паказальным тут з’яўляецца прыклад Славаміра Кухто, удзельніка праекта "Пінокіа". Пасля заканчэння Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната і вучылішча ён быў накіраваны ў СВК "Верхняе" Глыбоцкага раёна працаваць цесляром. Яго пасялілі ў дом памерлага сужыцеля яго маці. Гэты дом, як паведаміў "Звяздзе" былы ўчастковы міліцыянер тых мясцін Вадзім Кацейка, быў непрыстасаваны для жылля, у прыватнасці, ён не ацяпляўся і быў пажаранебяспечным. У самім СВК хлопец, па яго словах, некаторы час працаваў, аднак амаль усе заробленыя ім грошы ішлі на аплату харчавання і жылля. У бухгалтэрыі СВК захаваліся звесткі пра тое, што Славамір у 2006 годзе некалькі разоў скарыстаўся льготным харчаваннем у сталовай, але інфармацыі пра ягоны заробак у СВК так і не знайшлі. Некаторы час малады чалавек працаваў на прыватніка, потым бадзяўся, трапляў у непрыемныя сітуацыі, нарэшце адправіўся на пошукі маці. Знайшоў Слава сваю маці ў Луначарскім доме-інтэрнаце для інвалідаў (Верхнядзвінскі раён), пабачыўся з ёй, і з нейкім малазнаёмым чалавекам адправіўся на заробкі ў Санкт-Пецярбург. Слава расказвае, што ў Пецярбургу за два месяцы работы яму не заплацілі, дакументы не вярнулі. Малады чалавек вяртаўся ў Беларусь без грошай і дакументаў пешшу… У 2008 годзе Славамір Кухто дабраўся да Бягомля і звярнуўся да былога дырэктара школы-інтэрната Валерыя Міхайлоўскага па дапамогу, у выніку чаго аказаўся ў праекце "Пінокіа".

Беларуска-італьянскі праект у Бягомлі выратаваў ад бяды не толькі Славаміра, але і астатніх яго ўдзельнікаў. Падобныя гісторыі прывялі ў "Пінокіа" кожнага з іх. На жаль, сёння выпускнікі Бягомльскай школы-інтэрната, якія, падобна Славаміру Кухто, трапілі ў складаную сітуацыю, ужо не могуць скарыстацца выратавальнай пляцоўкай праекта. Паспрабаваць высветліць, чаму так здарылася, і было мэтай журналісцкага расследавання.

Не зусім дакладна ў сваім лісце Докшыцкі райвыканкам трактуе заканадаўства Рэспублікі Беларусь у дачыненні гарантый працаўладкавання і забеспячэння жыллём выпускнікоў школы-інтэрната. Гарантыі права на жыллё не , а даюцца асобам з ліку дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі па месцы першапачатковага набыцця статуса дзіцяці-сіраты або дзіцяці, якое засталося без апекі бацькоў, або па месцы прадстаўлення ім першага працоўнага месца ().

Дарэчы, гарантыя права на працу і занятасць, прапісаная ў артыкуле 13 названага Закона, ніяк не звязаная ні з прапіскай, ні з рэгістрацыяй, ні нават з месцам першапачатковага набыцця статуса сіраты.

Зусім дзіўным выглядае абвінавачванне з боку Докшыцкага выканкама італьянскага боку ў ігнараванні беларускага заканадаўства і пазбаўленні выпускнікоў магчымасці вярнуцца дамоў. Прыклад Славаміра Кухто, якому ніхто не замінаў вярнуцца "дамоў" — далёка не адзіны. Другі ўдзельнік праекта Дзяніс Гаўрылаў пасля заканчэння Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната і Віцебскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча №59 будаўнікоў вярнуўся ў замацаванае за ім жыллё ў Віцебску, у якім калісьці жылі ягоныя маці, бабуля і дзядуля. Пакуль хлопчык жыў у Бягомлі, усе яны памерлі, і калі Дзяніс вярнуўся, яго дом аказаўся заняты сям’ёй стрыечнай сястры.

Суседка Дзяніса па віцебскім адрасе Галіна Новікава расказвае: "Гэта звычайны прыватны дом, не вельмі добры — ён халодны, шлакабетонны. Пасля вучылішча Дзяніса накіравалі на працу, якая знаходзілася на іншым баку горада. Падобна на тое, што "пад’ёмныя", якія ён атрымаў, у яго адабралі сваякі, таму дабрацца да працы ён не мог. У яго не было грошай на праезд, на ежу, проста на існаванне. Мы кармілі яго ўсёй вуліцай.

Сваякі, якія жылі ў яго доме, яго крыўдзілі, а ён не мог сам за сябе пастаяць. Часам яго не пускалі начаваць, ён бамжаваў. На некаторы час ён прыхіліўся да царкоўнага прыхода, там яго кармілі, давалі начлег. Аднойчы адбылася непрыемнасць, звязаная з растратай царкоўных грошай, і больш Дзяніс туды не прыйшоў, хоць у прыходзе на яго не трымалі крыўды і гатовыя былі зноў прыняць. Неяк Дзяніс прыйшоў да мяне і папрасіў дапамагчы з’ехаць у Бягомль: ён пачуў, што італьянцы набылі там дом для такіх, як ён. Мы з сынам купілі яму білет і далі грошай на дарогу, але ён праспаў на цягнік, а грошы ў яго зноў адабралі сваякі. Тады я сама пазваніла ў Бягомльскую школу-інтэрнат, праз некаторы час па яго прыехалі італьянцы, яны не адразу яго знайшлі… Цяпер стрыечная сястра з’ехала, і ў доме Дзяніса жыве стрыечны брат з сям’ёй. Дзянісу па-ранейшаму няма тут месца."

У родны Талачын пасля вучылішча вярталіся і брат з сястрой Каця і Дзіма Франкевічы. Гісторыя Дзімы ужо апісвалася ў "Звяздзе" ("Трымайся за мяне", 28 снежня 2010 года), як і гісторыя яго жонкі Каці Сіскевіч па дзявочым прозвішчы… Усё гэта вельмі сумныя гісторыі, кожная па сіле сваёй драматычнасці вартая асобнага аповеду. Такім чынам, абвінавачванні ў тым, што з-за парушэння італьянскім бокам беларускага заканадаўства "выпускнікі былі аўтаматычна пазбаўленыя дзяржаўных сацыяльных праў на жыллё і працаўладкаванне", не мае падстаў. Да таго ж, многім удзельнікам праекта "Пінокіа" асацыяцыя "Кавала б’янка" дапамагае па месцы іх жыхарства ў іншых раёнах — не толькі Віцебскай вобласці, а ўсёй Беларусі.

Добраахвотніцкая асацыяцыя "Кавала б’янка" купіла ў Бягомлі і аформіла ва ўласнасць трох выпускнікоў Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната тры дамы. Яшчэ адзін дом быў куплены і аформлены ва ўласнасць яшчэ аднаго выпускніка школы-інтэрната па-за праектам, у прыватным парадку. Мець ва ўласнасці дом або кватэру — ці гэта не забеспячэнне права на жыллё, прычым больш поўнае, чым атрыманне сацыяльнага жылля, якое гарантуе дзяржава сіротам?

Ва ўсіх дамах, дарэчы, за кошт італьянскага боку былі праведзеныя рамонт і рэканструкцыя, усталяваныя санвузлы, купленыя мэбля і неабходная абсталяванне. Часам рамонт і рэканструкцыя каштавалі значна большых грошай, чым пакупка дамоў.

Усе астатнія насельнікі так званых "італьянскіх" дамоў там толькі зарэгістраваныя — па тры, чатыры чалавекі, і тыя, што не маюць ніякага жылля ва ўласнасці, але з’яўляюцца асобамі з ліку сірот, павінны быць забяспечаныя жыллём згодна з заканадаўствам. Многія з іх знаходзяцца ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў у Бягомлі, а некаторыя — напрыклад, Наталля Румо — у іншых раёнах вобласці.

Lascia un commento

Il tuo indirizzo email non sarà pubblicato. I campi obbligatori sono contrassegnati *